У пятніцу на Алясцы адбудзецца сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна. Выбар месца сустрэчы выклікала асаблівую ўвагу ў Расіі, дзе ў дзяржаўных СМІ і сярод палітыкаў актыўна распаўсюджваецца наратыў пра так званую «рускую Аляску» - піша Forsal.
Аляска — гэта найбуйнейшы па плошчы штат ЗША, які мае агульную марскую мяжу з Расіяй праз Берынгаў праліў. Усяго каля 3,7 кіламетра аддзяляюць амерыканскі востраў Літл-Дыёмід ад расійскага вострава Ратманава. Тэрыторыя калісьці ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, але яе прадалі Злучаным Штатам у 1867 годзе за 7,2 мільёна долараў.
Гэты гістарычны факт рэгулярна выкарыстоўваецца ў расійскай прапагандзе. У інтэрнэце з’яўляюцца лозунгі «Аляска наша» па аналогіі з «Крым наш». Некаторыя расійскія палітыкі называюць продаж Аляскі «здрадай» або «трагiчнай памылкай», іншыя — «незаконнай здзелкай». Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі 1,4% жыхароў штата маюць расійскае паходжанне, але ў Маскве сцвярджаюць, што «сляды рускага міру» на Алясцы відаць дагэтуль.
Эксперты падкрэсліваюць, што гаворка не ідзе пра рэальныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Паводле Рыгора Ніжнікава з Фінскага інстытута міжнародных спраў, гэтыя заявы прызначаныя найперш для ўнутранай аўдыторыі, каб падтрымліваць імперскія настроі.
Улады Расіі ж падкрэсліваюць, што Аляска — гэта «лагічнае месца» для сустрэчы з амерыканскім бокам, бо тут перасякаюцца эканамічныя інтарэсы дзвюх краін у Арктыцы. Пры гэтым у мінулыя гады высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі — у тым ліку Дзмітрый Мядзведзеў і Вячаслаў Валодзін — адкрыта заклікалі «вярнуць» Аляску.
Былы пасол ЗША ў Расіі Майкл Макфол адзначыў, што Трамп, магчыма, не разумее, наколькі моцна тэма Аляскі пранізана імперскімі міфамі ў Расіі і чаму яе выбар у якасці месца саміту можа ўспрымацца як сімвалічны жэст.
нг